ВІ́ЛЕНСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літ. летапісання, найб. ранні спіс «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Захаваўся ў гіст. зборніку канца 15 — пач. 16 ст., які зберагаецца ў Вільнюсе. Паходзіць з Усх. Беларусі, знойдзены ў Полацку ў 19 ст. Апрача «Летапісца» ў рукапісе змешчаны і Аўрамкі летапіс. Спіс дэфектны, канец тэксту не збярогся. Абрываецца на апавяданні пра загадкавую смерць у Кіеве кн. Скіргайлы.

Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад часоў Гедзіміна да Вітаўта, пададзеная ў форме займальнай гіст. аповесці з драматычна напружаным сюжэтам. Віленскі летапіс напісаны дзелавым стылем старабел. літаратурнай мовы з выкарыстаннем месцамі кніжных архаічных, стараж.-рус. і царк.-слав. элементаў. Упершыню апублікаваны А.Бычковым у 1893, перавыдадзены ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 17. СПб., 1907; т. 35. М., 1980).

В.А.Чамярыцкі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)